НАЦЫЯНА́ЛЬНАЯ МО́ВА,
мова, якая з’яўляецца сродкам вусных і пісьмовых зносін нацыі. Складваецца з мовы народнасці ў перыяд станаўлення нацыі. Функцыянуе ў некалькіх разнавіднасцях: літаратурная мова, прастамоўе, мясц. гаворкі і сац. дыялекты. Вышэйшая форма Н.м. і неабходная ўмова яе існавання — літ. мова, якая лічыцца ўзорнай і прызнаецца ўсімі носьбітамі гэтай Н.м. Адна з найб. істотных прымет нацыі — Н.м. Звычайна адна нацыя атаясамліваецца з адной Н.м. (напр., рускія — з рускай, французы — з франц. мовай). Аднак у сучасным свеце дастаткова распаўсюджаны сітуацыі, калі адна нацыя карыстаецца некалькімі мовамі (напр., у Швейцарыі функцыянуюць 4 дзярж. мовы) або адна мова можа абслугоўваць моўныя патрэбы некалькіх нацый (напр., англ. мова ў Вялікабрытаніі, ЗША, Канадзе, Аўстраліі і інш. краінах). У апошнім выпадку фарміруюцца нац. варыянты адной мовы: англ. брытанская, англ. амерыканская, англ. аўстралійская і г.д.
Сучасная літ. беларуская мова як найвышэйшая форма Н.м. пачала складвацца ў 19 ст. Асаблівасцю яе фарміравання было тое, што новая бел. літ. мова амаль не мела традыцый пераемнасці з пісьмовай старабеларускай мовай — мовай бел. народнасці — і складвалася на нар.-гутарковай аснове. Толькі ў 1920-я г. бел. мова набыла ўсе правы і функцыі Н.м. і пасля некалькіх стагоддзяў перапынку пачала абслугоўваць усе сферы моўнага жыцця бел. нацыі. Значнае пашырэнне грамадскіх функцый спрыяла і развіццю самой бел. Н.м., найперш яе літ. формы. На сучасным этапе бел. Н.м. паспяхова выконвае свае функцыі ў розных сферах зносін паміж людзьмі, на ёй ствараецца разнастайная маст. л-ра, выдаюцца газеты і часопісы, друкуюцца навук. працы, яна гучыць па радыё і на тэлебачанні, што з’яўляецца сведчаннем высокага ўзроўню яе развіцця. Сучасная бел. Н.м. — сродак зносін бел. нацыі — функцыянуе ў 2 асн. разнавіднасцях: літ. мова і мясц. народныя гаворкі. Літ. бел. мова абслугоўвае сферы вусных і пісьмовых зносін, мясц. гаворкі з’яўляюцца сродкам вусных зносін пераважна жыхароў сельскай мясцовасці. Хоць сфера функцыянавання нар. гаворак істотна звузілася і значна зменшылася кола іх носьбітаў, яны працягваюць адыгрываць важную ролю ва ўзбагачэнні лексічных сродкаў літ. мовы. Асаблівасцю існавання сучаснай бел. Н.м. з’яўляецца яе функцыянаванне і развіццё ва ўмовах двухмоўя, г.зн., што моўныя патрэбы адной бел. нацыі абслугоўваюць 2 Н.м. — бел. і руская.
Літ.:
Крамко І.І., Юрэвіч А.К., Яновіч А.І. Гісторыя беларускай літаратурнай мовы. Т. 2. Мн., 1968;
Взаимоотношение развития национальных языков и национальных культур. М., 1980.
А.А.Лукашанец.
т. 11, с. 228
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)